"Белазаўскі акорд": на хвалях голасу ці песень?

Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета "Культура"


49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г


17 — 18 лістапада ў Жодзіне адбыўся ХVII Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў "Белазаўскі акорд". Гэтае спаборніцтва даўно з'яўляецца адкрытым для замежных выканаўцаў, паступова набліжаючыся па сваім статусе да міжнароднага. Сёлета ўпершыню роўна трэць фіналістаў — пяць удзельнікаў з 15-ці — прадстаўлялі Расію і Украіну. І пры гэтым спявалі беларускамоўныя песні — што з'яўляецца абавязковай умовай удзелу.

/i/content/pi/cult/722/15739/17.JPG

Сярод іншых асаблівасцяў гэтага конкурсу — удзел на роўных салістаў і вакальных ансамбляў. Калісьці яны ацэньваліся па розных катэгорыях, прычым былі выпадкі, калі ансамблі, якія не так даўно паўсюдна ствараліся з маладых настаўнікаў музычных школ і школ мастацтваў, пакідалі далёка ззаду салістаў. Але той перыяд хутка скончыўся. І калі сёлета ўсе тры прысутныя на конкурсе калектывы спраўна выдавалі шматгалоссе, гэта можна лічыць пачаткам адраджэння сапраўдных ансамблевых спеваў.


Паводле традыцыі, што падтрымліваецца некалькі апошніх гадоў, беларускую песню канкурсанты выконвалі з аркестрам. Раней гэта быў Прэзідэнцкі аркестр Беларусі. Сёлета ж мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор калектыву Віктар Бабарыкін узначаліў журы, а з маладымі выканаўцамі выступаў Узорна-канцэртны аркестр Узброеных сіл Беларусі на чале з палкоўнікам Яўгенам Доўжыкам. У гэтым калектыве няма групы струнных інструментаў, і многія хваляваліся, ці змогуць маладыя неакрэплыя галасы, хай і "ўзброеныя" мікрафонам, перакрычаць праславутыя тры трамбоны. Ды аранжыроўкі былі зроблены настолькі ашчадна, што "перакрыкваць" нікога не спатрэбілася — наадварот, бэк-вакал, групу якога для гэтага выступлення склалі прафесійныя салісты аркестра, у некаторых момантах так і хацелася вывесці паводле гуку на першы план.


Галасы трох розных "судзейскіх калегій": журы, радыёслухачоў "Мінскай хвалі", гледачоў у зале (а яна была аншлагавай, прычым па квітках, а не па запрашальніках) — сёлета рэзка размежаваліся. Прыз глядацкіх сімпатый, як можна было прадбачыць, застаўся ў Жодзіне — у Ягора Галкіна. Паводле інтэрнэт-галасавання на сайце "Мінскай хвалі", куды прыйшло дзевяць тысяч водгукаў (гэтая радыёстанцыя трэці год запар плённа супрацоўнічае з арганізатарамі конкурсу), далейшую бясплатную ратацыю атрымаюць Дар'я Сарокіна з Гомеля і Дзмітрый Чыжык з Брэста (2100 і 2009 галасоў адпаведна). Дзмітрыя адзначыла і журы — прызам "За сцэнічнае абаянне".


Паводле меркавання журы, уладальніцай Гран-пры стала навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Ганна Зайцава. Перамагла яе добрая профільная адукацыя, што дадалася да цікавага тэмбру спявачкі з уласцівымі для яго ноткамі пачуццёвасці. Песні ў выкананні пераможцы (і асабліва беларускамоўная — "Закаханая" Яўгена Алейніка на словы Юліі Быкавай) былі добра выбудаваны паводле драматургіі, адрэпетаваны ў класе, іх выкананне вылучалася правільна пастаўленым дыханнем (і, адпаведна, доўгімі спеўнымі фразамі), уменнем працаваць з мікрафонам і, як наступства, кранальнай філіроўкай гуку.


Першая і другая прэмія выправіліся ва Украіну — іх атрымалі Настасся Саланько і гурт "Месяцавае святло" з Крывога Рога. Трэцяе месца заняла
расіянка Дар'я Воранава, якая цяпер вучыцца ў Наваполацку. Прыз "За любоў да роднай песні" дастаўся Таццяне Масловіч — за беларускую народную "З-за каго я сохну" ў апрацоўцы Юрыя Вашчука.


Агульны ж конкурсны ўзровень быў не такім высокім, як у некаторыя ранейшыя гады. Асабліва відавочна гэта стала на заключным гала-канцэрце, калі да лепшых сёлетніх удзельнікаў далучыліся мінулыя прызёры. Сярод іх найбольш уразіла салістка аркестра Узброеных сіл Яніна Арлоўская — не толькі ўласна вакальнай прыродай і шырокім дыяпазонам голасу, але і дасканаласцю выканання, упэўненасцю каларатур. Калі б яна ўдзельнічала сёлета, дык атрымала б, безумоўна, Гран-пры. Але арганізатары на чале з дырэктарам Палаца культуры БелАЗа Генадзем Смольскім увесь час шукаюць новыя імёны і новыя песні, якія на гэтым конкурсе яшчэ не гучалі (ці гучалі даўно). І гэта правільна! Бо на "Белазаўскім акордзе" акцэнт робіцца не толькі на спевакоў, але і на самі песні.


Арганізатары імкнуцца пашыраць беларускамоўны рэпертуар, стымуляваць канкурсантаў да супрацоўніцтва з прафесійнымі кампазітарамі і сачынення ўласных песень. Дзеля гэтага на конкурсе здаўна былі заснаваны два спецыяльныя прызы: "За найлепшую песню конкурсу" і "За аўтарскую песню". Аднак сёлета яны не знайшлі сваіх уладальнікаў. Затое на заключным канцэрце так і хацелася адзначыць члена журы, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Алега Елісеенкава — за песню "Добрыя людзі" ў харызматычным уласным выкананні.


Між тым, да 70-годдзя БелАЗа, што святкавалася ў верасні, праводзіўся конкурс па стварэнні песень пра завод. Дык няўжо ўсе кампазітарскія сілы сышлі адно на гэтае спаборніцтва? Ці, можа, маладыя спевакі дрэнна шукалі новыя цікавыя песні? І тым самым — не надта паклапаціліся пра свой творчы імідж, які складаецца найперш з адмысловага рэпертуару. Бо менавіта ён, а не наяўнасць кавер-версій, становіцца адной з перадумоў з'яўлення спевака не ў рэстаранна-карпаратыўным бізнесе, а ў тым жа радыёэфіры.

Фота Руслана АНАНЬЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"



(c) 2019. Дворец культуры ОАО «БЕЛАЗ»-управляющая компания холдинга «БЕЛАЗ-ХОЛДИНГ»