|
|||||||||||
|
|
"Як у Жодзіне "БелАЗ" ілі - і на сайт і на машыны лазілі" "Культура". 30.09-5.10.2006. "Белазаўскі акорд над Жодзінам плыве"- гэтым гімнам, створаным бацькам і сынам Карызнамі, пачынаўся і заканчваўся, паводле традыцыі, V Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў маладзежнай музыкі "Белазаўскі акорд-2006", што прайшоў 23-24 верасня. Назва конкурсу, прымеркаванага да Дня машынабудаўніка, як нельга лепей адлюстравала "акордавасць" свята, дзе ў поўнай гармоніі, бы нотка да ноткі, што зліваюцца ў паўнагучным акордзе, злучаюцца эканоміка і культура, спорт і музыка, рэклама і непадробны клопат пра завадчан. Дзень машынабудаўніка для "БелАЗ"а і ўсяго горада, стрыжнем якога з'яўляецца сусветна вядомае прадпрыемства па вырабе самазвалаў-волатаў,- гэта не толькі ўручэнне ўзнагарод лепшым работнікам і шэраг эстрадных выступленняў на вуліцах. Штогод да свята ў Палацы культуры "БелАЗ"а ладзіцца конкурс "Чалавек года", сур'езны па ўдзельніках-суперпрафесіяналах і вяселы па сцэнарыі і правядзенні, праводзіцца Дзень адчыненых дзвярэй, калі ўсе ахвотныя могуць пабываць на зборачным канвееры і ўбачыць, як нараджаюцца магутныя грузавікі-гуліверы. Трэба бачыць, як туды чарадой ідуць не адно маці з дзецьмі, як звычайна на "дзіцячыя ранішнікі", а менавіта бацькі, прывучаючы малых ганарыцца сваім заводам і працай на ім. Ужо некалькі гадоў немагчыма ўявіць свята ў Жодзіне і без чарговага адкрыцця таго ці іншага спартыўнага збудавання ці аб'екта. Селета, да прыкладу, у Цэнтральным парку на грошы "БелАЗ"а адкрылася лыжа-ролерная траса працягласцю ў паўтара кіламетра. Пра значнасць гэтай спартыўнай "дробязі" не толькі для аматараў спорту, але і для прафесіяналаў сведчыць тое, што на ўрачыстае адкрыцце прыехалі галоўны трэнер Нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне Аляксандр Папоў і чэмпіенка Алена Зубрылава. Нарэшце, пяты год запар Дзень машынабудаўніка ўпрыгожвае і конкурс эстрадных выканаўцаў, зазірнуць на які заўседы знаходзіць час, пры ўсей сваей занятасці, Генеральны дырэктар "БелАЗ"а, Герой Беларусі Павел Марыеў. Прадстаўнічае конкурснае журы ўзначальваў селета народны артыст краіны, кампазітар Леанід Захлеўны. "Сталічны" конкурсны імідж трымаецца і амаль пастаяннымі вядучымі "Белазаўскага акорда"- Ларысай Грыбалевай і Ягорам Хрусталевым, якія, пры ўсей сваей запатрабаванасці на розныя мерапрыемствы, "вытрымалі" чатыры конкурсы з пяці. Сама ж конкурсная праграма, што ўключае па дзве песні кожнага ўдзельніка (адна-на беларускай мове, другая-па выбары), упрыгожваецца выступленнямі гаспадароў і гасцей. Селета ў "гасцявой частцы" акцэнт быў зроблены не столькі на спевы, колькі на эстрадную харэаграфію. "Пралогам" да кожнага з двух дзен сталася выбітная кампазіцыя жодзінцаў, што спалучала этна з рокам і мадэрнам, а відовішчнасць з палетам фантазіі і канцэпцыйнасцю. Бо лодка ў ей відавочна плыла па рацэ жыцця, а ветразь ператвараўся ў "прататып" кінаэкрана, на якім пульсавалі імгненні леташняга конкурсу. У заключны канцэрт быў запрошаны тэатр "Тэт-а-тэт" ДК чыгуначнікаў г. Магілева на чале з Ліліяй Мікуліч – уладальнік Гран-пры нядаўнага Міжнароднага фестывалю харэаграфіі "Сожскі карагод" у Гомелі. Такая падтрымка і раскрутка "свайго, беларускага" даўно ўжо сталася творчым і арганізацыйным крэда дырэктара Палаца культуры "БелАЗ"а Генадзя Смольскага. Знакаміты дуэт "Аляксандра і Канстанцін" (Аляксандра, дарэчы, штогод "журыць" на гэтым конкурсе) не стамляецца даводзіць, што менавіта ў Жодзіне іх, барысаўчан, у свой час падтрымалі творча і матэрыяльна. На заключныя канцэрты і іншыя выступленні, што ладзяцца ўвесь год, запрашаюцца пераможцы мінулых гадоў, што дазваляе сачыць за іх лесам. Селета, да прыкладу, у чарговы раз скарыла моцным голасам і драматызмам Вольга Краўчуковіч (Гран-пры ў 2004г.), творчай індывідуальнасцю і стылевым пошукам – Аляксандра Захарык (І прэмія ў 2005г.). Селета Гран-пры атрымала Маргарыта Халатава з бабруйскай студыі "Шына-най", чым пацвердзіла свае летнія міжнародныя перамогі ("К" пра іх пісала). Спявачка з не самым "сценабітным" голасам, яна ўзяла культурай, гарманічнасцю выканання, адшліфаванасцю кожнай песні, уменнем пабудаваць адметную драматургію, знайсці і вытрымаць вобразнае рашэнне. Сярод лаўрэатаў – Аляксандр Салаўеў з Маладзечна (І прэмія), Настасся Рачыцкая з Наваполацка і Кацярына Грамыка з Магілева (ІІ прэмія), Алеся Васілеўская і ўладальнік прыза глядацкіх сімпатый Яўген Ярашэвіч (ІІІ прэмія). Дыпломамі "За волю да перамогі" адзначаны лідчанін Дзяніс Варановіч, "За сцэнічнае абаянне" – Кацярына Худзінец з Жодзіна, "За лепшую песню" – кампазітар Алена Атрашкевіч. Конкурс увогуле пакінуў самыя лепшыя ўражанні – і па складзе ўдзельнікаў (з 37 заявак арганізатары абралі 16 сапраўды лепшых, а не па прынцыпе: "каб былі крыху горшымі за жодзінскіх"),і па сваей арганізацыі і матэрыяльнай базе. Канцэртная зала не змяшчала ўсіх ахвотных (таму і вядуцца размовы пра будаўніцтва новай), каштоўнымі прызамі ўзнагароджваліся не толькі лаўрэаты, але і ўсе фіналісты, выступленні ўдзельнікаў разам з іх "відэапаштоўкамі" дэманстраваліся на экране побач са сцэнай, запісваліся на кампакт-дыск, які можна атрымаць ужо на заключным канцэрце. Селета да гэтых "тэхнічных цудаў" дадаліся яшчэ значнае паляпшэнне акустыкі, адразу "бачнае" спецыялістам, і адкрыцце конкурснага сайта. І хаця фотаздымкі на ім не самай высокай якасці, а імены пераможцаў з'явіліся не адразу пасля іх абвяшчэння, а праз дзень-два, што, на маю думку, проста недапушчальна, гэта не перашкаджае прызнаць конкурс адным з самых зладжаных па арганізацыі і аб'ектыўных па выніках. А галоўнае, "Белазаўскі акорд" становіцца адным з заснавальнікаў новага фестывальна-конкурснага руху ў краіне – не за кошт бюджэту, а на грошы мецэнатаў, у якасці якіх выступаюць буйныя прадпрыемствы і мясцовыя ўлады,-сапраўдныя патрыеты, якія разумеюць: будзе культура – будзе эканоміка. Надзея БУНЦЭВІЧ |
||||||||||
| |||||||||||