|
|||||||||||
|
|
Два дні з аншлагам "Літаратура і мастацтва". 28.10.2005 Конкурс маладых эстрадных выканаўцаў "Белазаўскі акорд" пакрысе робіцца культурным брэндам Жодзіна Ён ладзіцца вось ужо чацьвёрты год запар, адпаведна традыцыі прымяркоўваецца да Дня машынабудаўнікоў і патрапляе ў самую гушчу галоўнага свята горада Жодзіна. Гэтаму творчаму спаборніцтву сёлета нададзены статус рэспубліканскага - і значыць, "Белазаўскі акорд" усё больш набывае ўпэўненасць ды саліднасць. На канцэртах двух конкурсных дзён у Палацы культуры БелАЗа - нязменныя аншлаг, і няма ў той час больш шчырай і добразычлівай публікі, якая б гэтак захоплена прымала кожнага маладога канкурсанта! Сёлета, як і летась, іх было 16, - менавіта столькі маладых спевакоў прайшлі папярэдні адбор і апынуліся ў ліку ўдзельнікаў спаборніцтва, а ўсяго ж арганізатары імпрэзы атрымалі 62 заяўкі з 27 гарадоў Беларусі. Паводле ўмоў конкурсу, у першым туры выконвалася песня на беларускай мове, у другім - твор па ўласным выбары ўдзельнікаў. Аўтарытэтнае журы на чале з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам ацэньвала выступленні паводле шэрагу якасцяў. Увага звярталася і на падбор рэпертуару, і на артыстызм, і на вартасці аранжыровак, ну і, зразумела ж, на вакальныя дадзеныя, хаця… Як слушна заўважыў адзін з членаў журы, кампазітар Леанід Захлеўны, выдатнымі галасамі вызначаліся ці не ўсе канкурсанты. Але толькі адзінкам аказалася па сілаз ствараць мастацкія вобразы, рабіць з твораў, абраных для выканання, міні-спектаклі. Менавіта за гэтыя якасці журы прысудзіла Гран-пры Інзе Кісялёвай з Магілёва і 1-ю прэмію - Аляксандры Захарык з Мінска. Спаборніцтва паміж дзвюма гэтымі адоранымі дзяўчынкамі было галоўнай інтрыгай сёлетнягя конкурсу. Другое месца атрымала Марына Гуменюк з Бабруйска, а трэцяе падзялілі Дзіяна Пашук з Гомеля і Аляксандра Швец з Мазыра. Прыз глядацкіх сімпатый, згодна з аднадушным рашэннем публікі, быў уручаны амаму маладому удзельніку конкурсу - вучню СШ № 31 Віцебска Глебу Лапіцкаму, які скарыў усіх артыстызмам і непасрэднасцю сцэнічных паводзін. Дарэчы, усе прызы, як заўсёды, былі вельмі салідныя: суладна традыцыі, імі сталіся найноўшыя мадэлі буйнагабарытных тэлевізараў "Гарызонт". "Белазаўскі акорд" штогод умацоўвае свае пазіцыі, набывае шырэйшы розгалас, робіцца ўсё больш і больш прэстыжным. Акрэсліваецца яго уласнае аблічча. Гэты конкурс дае маладым эстрадным выканайцам цудоўную магчымасць вызначыцца, звярнуць на сябе увагу, ацаніць уласныя здольнасці. Па сутнасці, ён з'яўляецца мастаком, які злучае пачаткоўцаў з прафесійнай сцэнай, дае ім старт у творчым жыцці. Калі б яшчэ гэтаму конкурсу - адпаведную рэкламу ў СМІ, ды тэлезапіс, ды магчымасць для преможцаў трапіць у папулярныя праграмы радыё- і тэлеэфіру… Але гэта ўжо- тэма для іншай размовы. Вольга Брылон |
||||||||||
| |||||||||||